БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)